Маларытчане – чэмпіёны на татамі

У лёгкаатлетычным манежы Брэсцкай абласной  спецыя­лізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву прайшлі міжнародныя спаборніцтвы па кёкусінкай «Кубак Прыбужжа-2024» у раз­дзелах кумітэ і ката. У спаборніцтвах прымалі ўдзел спартсмены з Беларусі і Расіі. За права называцца лепшым змагаліся і маларыцкія каратысты. Яны змаглі праявіць характар і вырваць перамогу ў сапернікаў.

Ва ўзроставай катэгорыі 6 – 8 гадоў першае месца заняў вучань 2 «Б» класа раённай гімназіі Цімафей Ярмашук. Ён выйграў два паядынкі  па спрошчаных правілах у спецыяльных сродках аховы. Яго родны брат Максім Ярмашук, вучань 4 «А» класа сярэдняй школы №1 г. Маларыта, таксама ўзняўся на вышэйшую прыступку п’едэстала ва ўзроставай катэгорыі 10–11 гадоў. На яго рахунку – два выйграныя баі.

Цімафей і Максім свае здольнасці дэманстравалі на татамі спаборніцтваў такога ўзроўню першы раз. Дарэчы, браты трэніруюцца ў Аляксандра Мелікава, наведваюць секцыю па кёкусінкай на базе Маларыцкага аграрнага каледжа.

Навум МІКАЛАЕЎ.